Сустрэча Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Ірана ў Беларусі А.Санеі з беларускімі дзелавымі коламі
26 сакавіка 2024 г

У Беларускай гандлёва-прамысловай палаце адбылася сустрэча Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Алірэзы Санеі з беларускімі дзелавымі коламі.

Адкрываючы сустрэчу, намеснік старшыні БелГПП Дзяніс Мялешкін падзякаваў сп. Паслу за падтрымку прапановы Палаты арганізаваць сустрэчу ў такім фармаце. «Для бізнэсу вельмі важныя такія мерапрыемствы. Іран – стратэгічны партнёр краіны, і ў прадпрыемстваў ёсць рэальны інтарэс і канкрэтныя прапановы па развіццю супрацоўніцтва, рэалізацыі сумесных праектаў», – сказаў намеснік кіраўніка БелГПП.

У пацвярджэнне гэтаму – вельмі высокая цікавасць бізнесу да мерапрыемства: у вочным і анлайн-фармаце ў сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі каля 170 беларускіх кампаній са сфер прамысловай вытворчасці і машынабудавання, дрэваапрацоўкі, лёгкай і харчовай прамысловасці, гандлю і інвестыцый, транспарту і лагістыкі, медыцыны і фармацэўтыкі, банкаўскай справы. Многія кампаніі ўжо працуюць з іранскімі партнёрамі і адрасавалі Пасольству практычныя пытанні, звязаныя з правядзеннем плацяжоў, арганізацыяй лагістыкі, вырашэннем візавых пытанняў, пашырэннем геаграфіі паставак.

«Упэўнены, што ў рамках пленарнай часткі мерапрыемства і B2D-перагавораў на многія пытанні будуць знойдзены адказы», – адзначыў Дзяніс Мялешкін.

Гаворачы аб дынаміцы беларуска-іранскага тавараабароту, намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты адзначыў добры патэнцыял для далейшага развіцця і дыверсіфікацыі імпарту і экспарту тавараў і паслуг, супрацоўніцтва ў галіне абмену вопытам і трансферу тэхналогій, энергетыкі. Стымуламі для раскрыцця патэнцыялу павінны стаць падпісанае ў канцы мінулага года пагадненне аб свабодным гандлі, а таксама адмена віз для грамадзян Беларусі.

Дзяніс Мялешкін таксама расказаў аб супрацоўніцтве з іранскім бокам па лініі гандлёва-прамысловых палат, у тым ліку на рэгіянальным узроўні, адзначыўшы, што бізнес-асацыяцыі гатовы аказваць беларускаму і іранскаму бізнесу ўсебаковую падтрымку па шырокім спектры напрамкаў.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ірана і гандлёвы саветнік Пасольства Алірэза Сейхун прадставілі ўдзельнікам сустрэчы эканамічны патэнцыял і магчымасці Ісламскай Рэспублікі Іран, інфармацыю аб актуальных і перспектыўных напрамках двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

«У Беларусі і Ірана ёсць шмат магчымасцяў для развіцця гандлёва-эканамічных адносін, – сказаў сп. Алірэза Санеі. – Ёсць патэнцыял у прамысловасці і іншых сферах эканомікі, якім мы да гэтага часу не скарысталіся. У мінулым годзе тавараабарот паміж нашымі краінамі вырас на 40 працэнтаў. Але гэта не мяжа. Мы павінны імкнуцца павысіць узровень нашых гандлёва-эканамічных адносін да ўзроўню палітычных».

Ён паведаміў, што шмат было зроблена для развіцця сувязей за мінулы год – падпісана некалькі банкаўскіх пагадненняў, а таксама ў сферы лагістыкі і транспарту для спрашчэння перавозак грузаў, што можа паспрыяць развіццю транспартнага калідора Поўнач – Поўдзень. Акрамя гэтага, было падпісана пагадненне аб аднаўленні прамых авіязносін паміж краінамі. «Сёння мы імкнемся рэалізаваць гэтае пагадненне, таму што яно паспрыяе не толькі прыросту турыстаў і культурнаму абмену, але і развіццю гандлю, бізнесу. Акрамя таго, з 4 лютага зменена візавая палітыка для беларускіх турыстаў, якія зараз могуць наведваць Іран на працягу двух тыдняў без віз», – распавёў дыпламат.

Яшчэ адна цяжкасць у развіцці гандлёва-эканамічных адносін краін у тым, што бізнес не інфармаваны аб патэнцыяле развіцця двухбаковага супрацоўніцтва. «Каб вырашыць гэтую праблему мы прынялі шэраг розных захадаў, у тым ліку правядзенне падобных сустрэч і мерапрыемстваў, калі сустракаемся з прадпрыемствамі. Мы праводзілі выставу іранскіх тавараў у Менску, абменьваліся дэлегацыямі і праводзілі B2B-перамовы. Іранскія кампаніі плануюць прыняць удзел у сельскагаспадарчай выставе «Белагра», а беларускія прадпрыемствы прымуць удзел у іранскай выставе Iran Expo 2024, – падкрэсліў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол. – Для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва мы павінны даведацца пра магчымасці і патэнцыял, якія ёсць у Беларусі».

Увазе ўдзельнікаў прэзентаваны магчымасці ЗАТ «ТК Банк» па падтрымцы двухбаковых аперацый, а таксама новыя магчымасці для пашырэння гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў сувязі з падпісаннем пагаднення аб свабодным гандлі з Іранам, у тым ліку ў частцы атрымання прэферэнцыйнага рэжыму.

Пасля заканчэння пленарнай часткі мерапрыемства адбыліся асобныя сустрэчы ў фармаце В2Д паміж кіраўнікамі беларускіх прадпрыемстваў і прадстаўнікамі Пасольства Ірана.

Фота
Відэа