Положение о реестре партнеров БелТПП

ЗАЦВЕРДЖАНА
Загад БелГПП
30.12.2019 № 91
(у рэдакцыі загаду БелГПП 10.12.2020 № 98)

ПАЛАЖЭННЕ
30.12.2019
г. Мінск
Аб рэестры добрасумленных партнёраў

 

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

 

1.  Палажэнне вызначае парадак стварэння і вядзення рэестра суб’ектаў гаспадарання Рэспублікі Беларусь, афіцыйная інфармацыя аб якіх сведчыць аб іх добрасумленнасці як партнёраў для прадпрымальніцкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь і за мяжой (далей – Рэестр добрасумленных партнёраў).

2.  Мэтамі вядзення Рэестра добрасумленных партнёраў з’яўляюцца:

стварэнне базы даных суб’ектаў гаспадарання Рэспублікі Беларусь, якія ўдзельнічаюць у прадпрымальніцкай дзейнасці і заявілі пра сябе як пра добрасумленных партнёраў;

садзейнічанне прадпрымальніцкай дзейнасці, у тым ліку знешнеэканамічнаму супрацоўніцтву, шляхам прадастаўлення беларускiм i замежным арганiзацыям неабходнай інфармацыі для выбару партнёраў з ліку суб'ектаў гаспадарання Рэспублікі Беларусь;

садзейнічанне павышэнню канкурэнтаздольнасці айчынных тавараў, работ, паслуг і аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці;

павышэнне даверу да суб’ектаў гаспадарання Рэспублікі Беларусь на ўнутраным рынку і за мяжой;

пашырэнне пераліку магчымасцей для членаў БелГПП.

3.  Рэестр добрасумленных партнёраў вядзецца Беларускай гандлёва-прамысловай палатай (далей – БелГПП) у электронным выглядзе на рускай і англійскай мовах і з’яўляецца агульнадаступным для азнаямлення без спагнання платы.

4.  Рэестр добрасумленных партнёраў размяшчаецца на афіцыйным сайце БелГПП (https://www.cci.by/) і змяшчае наступную інфармацыю аб суб’екце гаспадарання:

найменне юрыдычнай асобы (прозвішча, імя і імя па бацьку індывідуальнага прадпрымальніка);

УНП;

юрыдычны адрас, нумар тэлефона, адрас электроннай пошты, а таксама нумар факса і адрас афіцыйнага сайта ў сетцы Інтэрнэт (у выпадку іх наяўнасці);

асноўныя віды эканамічнай дзейнасці;

тэрмін дзеяння пасведчання аб уключэнні суб’екта гаспадарання ў Рэестр добрасумленных партнёраў.

5.  БелГПП не нясе адказнасці і не выступае гарантам перад трэцімі асобамі за выкананне або невыкананне суб’ектам гаспадарання, уключаным у Рэестр добрасумленных партнёраў, сваіх абавязацельстваў у рамках дагаворных адносін і іншых форм супрацоўніцтва з трэцімі асобамі.

6.  Абавязковым патрабаваннем вядзення Рэестра добрасумленных партнёраў з’яўляецца выкананне норм Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 2013 г. № 16-З «Аб камерцыйнай тайне».

 

ГЛАВА 2

УМОВЫ ЎКЛЮЧЭННЯ СУБ’ЕКТАЎ ГАСПАДАРАННЯ Ў РЭЕСТР ДОБРАСУМЛЕННЫХ ПАРТНЁРАЎ

 

7.  У Рэестр добрасумленных партнёраў уключаюцца суб’екты гаспадарання Рэспублікі Беларусь:

якія з’яўляюцца членамі БелГПП і не маюць завінавачанасці па выплаце членскага ўзносу або падалі дакументы на ўступленне ў члены БелГПП і выплацілі ўступны ўзнос;

якія прадставілі дакладную, актуальную і поўную інфармацыю аб сваёй дзейнасці ў аб’ёме, прадугледжаным Палажэннем;

якія ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць не менш за 3 (тры) гады;

якія маюць поўнасцю сфарміраваны статутны фонд
(для адпаведных катэгорый суб’ектаў гаспадарання);

якія не знаходзяцца ў стадыі рэарганізацыі, ліквідацыі (спынення дзейнасці) або банкруцтва;

якія не маюць пратэрмінаванай завінавачанасці па падатках, зборах і плацяжах, што выплачваюцца ў бюджэт і пазабюджэтныя фонды Рэспублікі Беларусь;

якія не знаходзяцца ў спісе пастаўшчыкоў (падрадчыкаў, выканаўцаў), што часова не дапускаюцца да ўдзелу ў працэдурах дзяржаўных закупак.

 

ГЛАВА 3

ПАРАДАК УКЛЮЧЭННЯ СУБ’ЕКТАЎ ГАСПАДАРАННЯ Ў РЭЕСТР ДОБРАСУМЛЕННЫХ ПАРТНЁРАЎ

 

 8.  Для ўключэння ў Рэестр добрасумленных партнёраў суб’ект гаспадарання прадастаўляе ў БелГПП:

заяву па форме згодна з дадаткам 1 да Палажэнння ў папяровым і электронным выглядзе ў фармаце .pdf;

анкету па форме згодна з дадаткам 2 да Палажэння ў папяровым і электронным выглядзе ў фармаце .pdf, а таксама ў адным з наступных фарматаў: .doc, .docx або .rtf.

9.  Копіі прадстаўленых у БелГПП дакументаў павінны быць завераны (засведчаны) упаўнаважанай службовай асобай суб’екта гаспадарання (індывідуальным прадпрымальнікам) і змацаваны пячаткай (пры яе наяўнасці).

Суб’ект гаспадарання нясе адказнасць за сапраўднасць, актуальнасць, паўнату і дакладнасць прадастаўляемых звестак і дакументаў.

10.  БелГПП можа запытваць у суб’екта гаспадарання іншыя дакументы і звесткі, дадаткова аналізаваць базы даных, рэестры, рэгістры і іншыя крыніцы інфармацыі.

11.  Разгляд дакументаў і звестак, прадастаўленых суб'ектам гаспадарання, прыняцце рашэння аб уключэнні суб'екта гаспадарання ў Рэестр добрасумленных партнёраў, прадаўжэнні тэрміну дзеяння пасведчання, а таксама выключэнні суб'екта гаспадарання з Рэестра добрасумленных партнёраў ажыццяўляецца камісіяй, якая ствараецца загадам старшыні БелГПП (далей – камісія).

Рашэнне аб уключэнні суб’екта гаспадарання ў Рэестр добрасумленных партнёраў прымаецца камісіяй на працягу 30 (трыццаці) рабочых дзён з даты рэгістрацыі заявы. 

Пры непрадастаўленні або неналежным афармленні названых у пункце 8 Палажэння дакументаў, а таксама ў выпадку запыту ў суб’екта гаспадарання дадатковых звестак і (або) дакументаў, тэрмін для прыняцця рашэння аб уключэнні суб’екта гаспадарання ў Рэестр добрасумленных партнёраў можа быць падоўжаны.

Камісія мае права прыняць рашэнне аб уключэнні ў Рэестр добрасумленных партнёраў суб’екта гаспадарання Рэспублікі Беларусь, які ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць менш за 3 (тры) гады.

12.  Суб’ект гаспадарання лічыцца ўключаным у Рэестр добрасумленных партнёраў з даты прыняцця рашэння аб уключэнні ў Рэестр добрасумленных партнёраў.

13.  Суб’екту гаспадарання, уключанаму ў Рэестр добрасумленных партнёраў, выдаецца пасведчанне, якое з’яўляецца сапраўдным на працягу 2 (двух) гадоў з даты ўключэння суб’екта гаспадарання ў Рэестр добрасумленных партнёраў. Прадаўжэнне тэрміну дзеяння пасведчання ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым пунктам 15 Палажэння.

Пасведчанне падпісваецца старшынёй БелГПП або ўпаўнаважанай ім асобай, засведчваецца пячаткай і выдаецца ўпаўнаважанаму прадстаўніку суб’екта гаспадарання.

Суб’ект гаспадарання, якому выдадзена пасведчанне, мае права выкарыстоўваць спецыяльны знак «Рэестр добрасумленных партнёраў» на сваёй прадукцыі, у сваіх рэкламных і прэзентацыйных матэрыялах, а таксама на сваім афіцыйным сайце.

14.  Суб’ект гаспадарання, уключаны ў Рэестр добрасумленных партнёраў, на працягу 10 (дзесяці) рабочых дзён з даты прыняцця рашэння аб рэарганізацыі і (або) з моманту змянення свайго наймення (прозвішча, імя і імя па бацьку індывідуальнага прадпрымальніка), УНП, юрыдычнага адраса, нумара тэлефона, нумара факса, адраса электроннай пошты, адраса афіцыйнага сайта ў сетцы Інтэрнэт, асноўных відаў эканамічнай дзейнасці, а таксама іншых звестак, якія змешчаны ў анкеце, абавязаны пісьмова паведаміць аб гэтым БелГПП.

15.  Суб’ект гаспадарання, уключаны ў Рэестр добрасумленных партнёраў, для прадаўжэння тэрміну дзеяння пасведчання на кожныя наступныя 2 (два) гады не пазней за 15 (пятнаццаць) рабочых дзён да заканчэння тэрміну дзеяння пасведчання накіроўвае ў БелГПП:

заяву на прадаўжэнне тэрміну дзеяння пасведчання па форме згодна з дадаткам 3 да Палажэння ў папяровым і электронным выглядзе ў фармаце .pdf;

актуалізаваную анкету па форме згодна з дадаткам 2 да Палажэння ў папяровым і электронным выглядзе ў фармаце .pdf, а таксама ў адным з наступным фарматаў: .doc, .docx або .rtf.

Рашэнне аб прадаўжэнні тэрміну дзеяння пасведчання прымаецца камісіяй на працягу 15 (пятнаццаці) рабочых дзён з даты рэгістрацыі заявы на прадаўжэнне тэрміну дзеяння пасведчання.

Пры прадаўжэнні тэрміну дзеяння пасведчання за суб’ектам гаспадарання захоўваецца нумар раней выдадзенага пасведчання.

 

ГЛАВА 4

ПАДСТАВЫ ВЫКЛЮЧЭННЯ СУБ’ЕКТА ГАСПАДАРАННЯ З РЭЕСТРА ДОБРАСУМЛЕННЫХ ПАРТНЁРАЎ

 

 16.  Падставамі для выключэння суб’екта гаспадарання з Рэестра добрасумленных партнёраў з’яўляюцца:

заканчэнне тэрміну дзеяння пасведчання;

пратэрмінаваная завінавачанасць па падатках, зборах і плацяжах, што выплачваюцца ў бюджэт і пазабюджэтныя фонды Рэспублікі Беларусь, маючая сістэмны характар;

банкруцтва або ліквідацыя (спыненне дзейнасці) суб’екта гаспадарання;

прадастаўленне недакладных і (або) неактуальных звестак і (або) дакументаў;

іншыя падставы, якія сведчаць аб невыкананні суб’ектам гаспадарання норм Палажэння.