Беларускую гандлёва-прамысловую палату наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў у Рэспубліцы Беларусь Ібрагім Салім Аль-Мушаррах, які правёў перагаворы са старшынёй БелГПП Міхаілам Мятлікавым.
Бакі абмеркавалі агульныя пытанні супрацоўніцтва дзелавых колаў Беларусі і ААЭ, асноўныя мерапрыемствы, якія праводзяцца па лініі ўзаемадзеяння гандлёва-прамысловых палат, у тым ліку на ўзроўні рэгіянальных ГПП і выставачнага прадпрыемства «Белінтэрэкспа».
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол падвёў некаторыя вынікі работы ў галіне развіцця беларуска-эмірацкіх гандлёва-эканамічных адносін за час яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі, падкрэсліўшы, што шэраг праектаў паспяхова рэалізаваны, але ў той жа час яшчэ шмат неабходна зрабіць для раскрыцця патэнцыялу ўзаемадзеяння. «Нягледзячы на тое, што ў гэтым годзе назіраецца рэкордны рост тавараабароту, ён усё яшчэ далёкі ад паказчыкаў, агучаных на ўзроўні кіраўніцтва дзвюх краін», – адзначыў Ібрагім Салім Аль-Мушаррах. Паводле яго слоў, Беларусь і ААЭ дасягнулі пэўных вынікаў у сферах інвестыцыйнага супрацоўніцтва, бяспекі, адукацыі. Да перспектыўных напрамкаў можна аднесці транспартна-лагістычную сферу і выкарыстанне ААЭ як хаба для Беларусі па выхаду на рынкі іншых краін Заліву, а таксама адкрыццё офісаў беларускіх прадпрыемстваў у ААЭ, чаму садзейнічае эмірацкае заканадаўства.
У сваю чаргу старшыня БелГПП зрабіў акцэнт на неабходнасці правядзення двухбаковых тэматычных мерапрыемстваў для бізнесу з запрашэннем галіновых экспертаў, а таксама на перспектыўнасці ўдзелу беларускіх прадпрыемстваў у выставачных мерапрыемствах у ААЭ, якія з'яўляюцца пляцоўкамі для ўстанаўлення дзелавых сувязей з партнёрамі па ўсім свеце.
Гаворачы аб развіцці ўзаемадзеяння па лініі ГПП, Міхаіл Мятлікаў адзначыў, што зараз пагадненні рэалізуюцца з Федэрацыяй ГПП ААЭ, палатамі Абу-Дабі, Дубая, Шарджы. Плануецца пашырэнне партнёрскіх сувязей з іншымі эміратамі. Акрамя таго, старшыня БелГПП праінфармаваў аб пачатку ўзаемадзеяння з AIM Кангрэсам, партнёрскае пагадненне з якім падпісана па выніках сустрэчы на палях XXVII Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму ў гэтым годзе. БелГПП, згодна з падпісаным дакументам, атрымлівае асаблівы статус «Афіцыйны партнёр па падтрымцы Кангрэса AIM» і будзе прымаць удзел у мерапрыемстве ў 2025 годзе.
Бакі абмеркавалі магчымасці арганізацыі візіту дэлегацыі Беларусі ў адзін або некалькі эміратаў, а таксама правядзенне Нацыянальнай экспазіцыі ў ААЭ у наступным годзе.
Рэзюмуючы, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол выказаў гатоўнасць аказваць садзейнічанне ў прасоўванні патэнцыялу Беларусі і наладжванні двухбаковых дзелавых кантактаў, а таксама аказваць падтрымку развіццю сувязей па лініі гандлёва-прамысловых палат.