У Казані адбыўся бізнес-форум «Татарстан – Беларусь», у якім прынялі ўдзел Прэзідэнт Рэспублікі Татарстан Рустам Мініханаў і Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка. Мерапрыемства арганізавана Беларускай гандлёва-прамысловай палатай сумесна з Саюзам «Гандлёва-прамысловая палата Рэспублікі Татарстан» у рамках візіту ў Татарстан урадавай і бізнес-дэлегацыі Беларусі.
У форуме прынялі ўдзел старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў, старшыня ГПП Рэспублікі Татарстан Шаміль Агееў, члены афіцыйнай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь, больш за 100 прадстаўнікоў беларускага і расійскага бізнесу.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў, Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка адзначыў, што такія мерапрыемствы вельмі запатрабаваны, асабліва ў цяперашніх умовах, калі прадпрыемствы і Беларусі, і Расіі сутыкаюцца з самымі рознымі праблемамі. «У сувязі з гэтым узаемадзеянне павінна ісці пад знакам нарошчвання аб'ёмаў і пошуку рэзерваў супрацоўніцтва, якія існуюць паміж рэспублікамі», – адзначыў Кіраўнік Урада Беларусі.
Старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў падкрэсліў, што БелГПП высока цэніць сяброўскія адносіны з Гандлёва-прамысловай палатай Рэспублікі Татарстан. «Па лініі дзвюх арганізацый бесперапынна ідзе абмен дзелавымі кантактамі і прапановамі, у тым ліку для замяшчэння імпартнай прадукцыі. Штогод у рамках рэгіянальнага ўзаемадзеяння праходзяць розныя мерапрыемствы. Бізнес Беларусі ўдзельнічае ў выставах у Казані», – адзначыў старшыня БелГПП. Ён запрасіў дзелавыя колы Татарстана наведаць Беларусь з візітам, прыняць удзел у буйных міжнародных выставачных мерапрыемствах краіны.
«Гандлёва-прамысловыя палаты бяруць на сябе абавязацельствы стаць яшчэ больш дзейсным інструментам для аператыўнага садзейнічання ў вырашэнні пытанняў актывізацыі бізнес-кантактаў паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Татарстан і ўцягванні ў гэту работу малога і сярэдняга бізнесу.
Нашы арганізацыі і надалей застануцца надзейнымі партнёрамі для беларуска-расійскага бізнес-дыялогу», – запэўніў Міхаіл Мятлікаў.
На форуме разгледжаны перспектыўныя напрамкі развіцця беларуска-татарстанскага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, пераважнасці рэалізацыі высокатэхналагічных праектаў у рамках прэферэнцыйных рэжымаў Беларусі. Адбылася прэзентацыя пляцоўкі імпартазамяшчэння, створанай на базе Беларускай універсальнай таварнай біржы.
У рамках форуму падпісаны 11 двухбаковых дакументаў – пагадненні аб супрацоўніцтве і кантракты на пастаўку прадукцыі.
Пасля завяршэння пленарнай часткі мерапрыемства адбыліся В2В-перамовы, у ходзе якіх беларускія ўдзельнікі ўстанавілі кантакты і абмеркавалі перспектывы кааперацыі з прадстаўнікамі прадпрыемстваў Рэспублікі Татарстан па такіх напрамках, як вытворчасць прамысловага абсталявання, транспарт і лагістыка, будаўніча-рамонтныя работы, нафтахімія, сельская гаспадарка, дрэваапрацоўка і іншыя.
Акрамя ўдзелу ў форуме падчас візіту ў Татарстан члены беларускай дэлегацыі наведалі Тэхнаполіс «Хімград» і IT-квартал у Казані, дзе азнаёміліся з іх структурай, магчымасцямі, правялі перамовы з кіраўніцтвам рэзідэнтаў. Падпісаны два камерцыйныя кантракты паміж беларускімі і расійскімі прадпрыемствамі ў сферы нафтахімічнай прамысловасці.