
Экспазіцыя Belarus – the Taste of Nature прадстаўлена на найбуйнейшай у свеце штогадовай выставе прадуктаў харчавання Gulfood, якая праходзіць у Дубаі (Аб'яднаныя Арабскія Эміраты) 20–24 лютага.
Арганізатар экспазіцыі – выставачнае унітарнае прадпрыемства «Белінтэрэкспа» Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
Удзел у экспазіцыі прымаюць 12 прадпрыемстваў-вытворцаў, агульная выставачная плошча беларускіх стэндаў складае 96 кв. метраў. Найбольш маштабна на беларускім стэндзе прадстаўлены экспартны патэнцыял прадпрыемстваў Гродзенскага рэгіёну, якія ўваходзяць у склад холдынгу «Гроднамясамалпрам».
У цырымоніі адкрыцця экспазіцыі Belarus – the Taste of Nature на выставе Gulfood 2023 прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах Андрэй Лучанок, генеральны консул Беларусі ў Дубаі Яўген Лазараў, генеральны дырэктар ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Гроднамясамалпрам» Валер'ян Клім і начальнік упраўлення выставак прадпрыемства «Белінтэрэкспа» Ганна Прынеслік.
Сярод удзельнікаў экспазіцыі – вытворцы малочнай прадукцыі ААТ «Малочны свет», ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат» і філіялы камбіната, Ваўкавыскае ААТ «Беллакт», ААТ «Бабулін гладыш» – кіруючая кампанія холдынгу «Магілёўская малочная кампанія» «Бабулін гладыш» і ААТ «Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат». Мясную галіну прадстаўляюць Слонімскі і Ваўкавыскі мясакамбінаты. Кандытарскія вырабы дэманструе гасцям выставы СААТ «Камунарка». Сваю прадукцыю прывезлі ў Дубай таксама «ФІРМА АВС», кіруючая кампанія холдынгу «Гроднамясамалпрам», ААТ «Лідахлебапрадукт» і Смаргонскі камбінат хлебапрадуктаў.
Акрамя таго, з асобным выставачным стэндам у выставачным павільёне Al Mustaqbal Plaza удзел у выставе прымаюць СП ААТ «Санта Брэмар» і ААТ «Савушкін прадукт».
Міжнародная выстава прадуктаў харчавання і напояў Gulfood – найбуйнейшая штогадовая галіновая падзея. Выстава збірае вытворцаў, імпарцёраў, дыстрыбутараў харчавання, а таксама рэстаратараў. Асобай папулярнасцю выстава Gulfood карыстаецца ў наведвальнікаў з краін Персідскага заліва, якія імпартуюць 95 працэнтаў прадуктаў харчавання.
У 2023 годзе ў выставе прымаюць удзел больш за 5000 кампаній са 125 краін.