З 17 па 19 лістапада Тбілісі прымае 21-ю міжнародную выставу сельскай гаспадаркі, прадуктаў харчавання, упакоўкі і харчовай прамысловасці Agro Food Drink Tech EXPO. Гэта падзея стала пляцоўкай для дэманстрацыі патэнцыялу соцень кампаній з такіх краін, як Беларусь, Турцыя, Польшча, Германія, Індыя, Італія, Аўстрыя, Славакія і Бельгія.
На выставе прадстаўлена экспазіцыя беларускіх вытворцаў, арганізаваная выставачным прадпрыемствам «Белінтэрэкспа» БелГПП. У дзень адкрыцця яе наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Грузіі Анатоль Ліс.
Сярод кампаній, якія прымаюць удзел у выставе пад брэндам Made in Belarus, – прадпрыемствы канцэрна «Белдзяржхарчпрам» (Кандытарская фабрыка «Спартак», фабрыка «Чырвоны харчавік», Мінскі маргарынавы завод), Слуцкі сыраробны камбінат, Пінскі мясакамбінат, Салігорская птушкафабрыка, «Гомсельмаш».
Кандытарская фабрыка «Спартак» прадстаўляе сваю абноўленую лінейку горкага шакаладу з унікальнымі смакавымі камбінацыямі: апельсінавымі цукатамі, імбірам і лімонам, з фундуком і малінай, а таксама малочны шакалад з салёнай карамеллю і папкорнам. Фабрыка «Чырвоны харчавік» прывезла ў Грузію свае фірменныя дражэ, жавальны зефір, мармелад, халву з соллю.
Мінскі маргарынавы завод пад брэндам «Залатая кропля» прэзентуе наведвальнікам выставы сваю вядомую прадукцыю (алей, кетчуп, хрэн, гарчыцу, маргарыны), а таксама навінкі.
Слуцкі сыраробны камбінат радуе сваёй традыцыйнай прадукцыяй, такі як малако, тварог, масла сметанковае, глазураваныя сыркі і сухія малочныя прадукты, а таксама шырокім асартыментам сыроў.
Пінскі мясакамбінат дае жыхарам Грузіі магчымасць прадэгуставаць як ужо ўпадабаную мясную прадукцыю, сервелаты, так і навінкі вытворчасці –сала на саломе і сала з дымком, а таксама прадукты з мяса дзічыны.
Салігорская птушкафабрыка прэзентуе эка-лінейку фермерскіх курыных і перапёлчыны яек, сырое мяса, эксклюзіўныя віды прадукцыі – вэнджаныя, вараныя ў марынадзе курыныя і перапёлчыны яйкі, а таксама навінку года – варана-вэнджанае мяса перапёлак.
На адкрытай пляцоўцы выставачнага цэнтра ў Тбілісі «Гомсельмаш» прадстаўляе збожжаўборачны камбайн GS5A, які сёння выкарыстоўваецца ў фермерскіх гаспадарках, асабліва ў краінах з дробнаконтурнымі палямі.
Напярэдадні афіцыйнага адкрыцця выставы прайшла сустрэча беларускіх удзельнікаў з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Грузіі Анатолем Лісам, на якой абмеркаваны новыя магчымасці для пашырэння бізнес-сувязей прадпрыемстваў і патэнцыял беларуска-грузінскага супрацоўніцтва.
У рамках выставы чакаюцца сустрэчы фармату B2B з ключавымі прадстаўнікамі гандлёвых сетак і вядучымі дыстрыбутарамі Грузіі.