Таджыкска-Беларускі бізнес-форум, арганізаваны Беларускай гандлёва-прамысловай палатай сумесна з Дзяржаўным камітэтам па інвестыцыях і кіраванні дзяржаўнай маёмасцю Рэспублікі Таджыкістан і Гандлёва-прамысловай палатай Таджыкістана ў рамках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі, адбыўся ў Душанбэ.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел Старшыня дзяржаўнага камітэта па інвестыцыях і кіраванні дзяржаўным маёмасцям Рэспублікі Таджыкістан Са'дзі Кадзірзода, старшыня ГПП Таджыкістана Джамшэд Джумаханзода, старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў, Міністр сельскай гаспадаркі Рэспублікі Таджыкістан Са'дзі Карымзода, Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Ігар Брыло, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Таджыкістане Віктар Дзенісенка, члены афіцыйнай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі і прадстаўнікі больш як 150 прадпрыемстваў і арганізацый дзвюх краін.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў, старшыня БелГПП адзначыў, што форум і выстава беларускіх вытворцаў Made in Belarus, якая таксама праводзіцца ў Таджыкістане ў рамках афіцыйнага візіту Кіраўніка краіны, – лагічны працяг паспяховага супрацоўніцтва дзелавых колаў дзвюх краін. «У Таджыкістан прыбыла вялікая беларуская дэлегацыя – кіраўнікі і прадстаўнікі 73 прадпрыемстваў і арганізацый з усіх рэгіёнаў краіны, якія прадстаўляюць розныя сферы, – адзначыў Міхаіл Мятлікаў. – У беларускага бізнэсу ёсць рэальная цікавасць да супрацоўніцтва, і яму ёсць што прапанаваць таджыкскім кампаніям».
Старшыня БелГПП таксама звярнуў увагу на вялікую колькасць прадстаўнікоў бізнесу Таджыкістана на форуме, што сведчыць аб цікавасці прымаючага боку ў супрацоўніцтве, устанаўленні кантактаў з беларускімі вытворцамі. Ён запрасіў дзелавыя колы Таджыкістана да арганізацыі нацыянальнай выставы, а таксама да ўдзелу ў буйных міжнародных выставачных праектах у Беларусі ў наступным годзе – Міжнароднай спецыялізаванай выставе «БЕЛАГРА», Беларускім прамыслова-інавацыйным форуме, Міжнародным форуме па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях ТІБО і іншых.
У ходзе форуму разгледжаны магчымыя шляхі пашырэння беларуска-таджыкскага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння ў розных галінах – машынабудаванні, металургіі, харчовай, лёгкай прамысловасці, дрэваапрацоўцы і іншых. Адбыліся прэзентацыі экспартнага патэнцыялу беларускіх і таджыкскіх кампаній, інструментаў экспартнага крэдытавання, прапанаваных банкаўскімі структурамі дзвюх краін, перспектыўных сумесных праектаў, у тым ліку на ўзроўні рэгіёнаў.
Прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі і Таджыкістана падпісалі звыш 20 дакументаў, уключаючы камерцыйныя кантракты на агульную суму каля 46 млн долараў ЗША. Акрамя таго, дамоўленасці яшчэ на 2 млн долараў замацаваны падчас анлайн-перамоў.
Пасля заканчэння бізнес-форуму члены афіцыйнай дэлегацыі і прадстаўнікі беларускага бізнесу прадоўжылі работу на пляцоўцы выстаўкі беларускіх вытворцаў Made in Belarus, а таксама ў фармаце В2В-перагавораў, дзе былі таксама ўстаноўлены дзелавыя кантакты і дасягнуты канкрэтныя дамоўленасці.