Дзелавы форум Рэспублікі Беларусь і Тамбоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі
29 жніўня 2023 г

У мінскім «Прэзідэнт-Гатэлі» адбыўся дзелавы форум Рэспублікі Беларусь і Тамбоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі, арганізаваны Беларускай гандлёва-прамысловай палатай сумесна з Саюзам «Тамбоўская абласная гандлёва-прамысловая палата» у рамках візіту ў Беларусь Кіраўніка Тамбоўскай вобласці Максіма Ягорава.

Мерапрыемства адкрылі выступленні старшыні БелГПП Міхаіла Мятлікава, Міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Сяргея Налівайкі, прэзідэнта Тамбоўскай абласной ГПП Алены Варонінай, Кіраўніка Тамбоўскай вобласці Максіма Ягорава.

Старшыня БелГПП адзначыў, што Беларусь і Тамбоўская вобласць актыўна пашыраюць супрацоўніцтва, і ў тым ліку гэтаму садзейнічаюць мерапрыемствы, якія праводзяцца гандлёва-прамысловымі палатамі. «Вынікі працы Беларусі і Тамбоўскай вобласці па развіцці супрацоўніцтва гавораць самі за сябе. Летась тавараабарот складаў больш за 170 млн долараў – рост каля 65 працэнтаў да 2021 года. За першае паўгоддзе гэтага года рост нашага экспарту склаў яшчэ 35 працэнтаў да аналагічнага перыяду 2020-га. Гэта сведчыць аб тым, што мерапрыемствы, якія праходзяць пад эгідай БелГПП, прынясуць плён і ў далейшым», – сказаў Міхаіл Мятлікаў.

Гаворачы аб экспартных пазіцыях Беларусі ў Тамбоўскую вобласць, старшыня БелГПП адзначыў, што расійскі рэгіён зацікаўлены ў шырокай наменклатуры. Гэта комплексныя ўгнаенні, сродкі аховы раслін, прадукцыя нафтахіміі, прадукты харчавання, прадукцыя машынабудавання. «І цяперашняя сустрэча, а таксама кантактна-кааперацыйная біржа дадуць магчымасць знайсці новыя прадуктыўныя прапановы па ўзаемавыгадным супрацоўніцтве», – выказаў упэўненасць Міхаіл Мятлікаў.

Кіраўнік расійскай дэлегацыі Максім Ягораў таксама падкрэсліў зацікаўленасць рэгіёну ў партнёрстве з Беларуссю. «Беларусь з'яўляецца адным з галоўных знешнегандлёвых партнёраў Тамбоўскай вобласці. Мы пастаўляем вялікую колькасць хімічнай прадукцыі, купляем тэхніку. У прамысловай кааперацыі нас цікавіць вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі, выкарыстанне беспілотных тэхналогій, значную цікавасць уяўляе сфера сельскай гаспадаркі», – адзначыў ён.

Пасля завяршэння пленарнай часткі форуму бізнесмены Беларусі і Тамбоўскай вобласці прадоўжылі работу ў фармаце В2В. Кіраўнікі і прадстаўнікі больш як 50 прадпрыемстваў і арганізацый дзвюх краін прадметна абмеркавалі магчымасці далейшага развіцця партнёрства па такіх напрамках, як вытворчасць хімічнай прадукцыі, пастаўка высокатэхналагічнага абсталявання, запасных частак для сельскагаспадарчай тэхнікі, вытворчасць і тэхнічнае абслугоўванне грузапад'ёмнага абсталявання, распрацоўка праграмнага забеспячэння для сельскай гаспадаркі, вытворчасць паліўных аграрных датчыкаў, высокадакладная металаапрацоўка і іншыя.

У рамках візіту ў Беларусь дэлегацыя Тамбоўскай вобласці таксама наведала прадпрыемствы-флагманы «МАЗ», «МТЗ». Запланаваны візіты на «Амкадор», у Парк высокіх тэхналогій і шэраг іншых прадпрыемстваў і арганізацый.

Акрамя таго, на пасяджэнні рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Тамбоўскай вобласці падпісаны шэраг дакументаў, у тым ліку пагадненне паміж Гомельскім аддзяленнем БелГПП і Тамбоўскай абласной ГПП.

Фота
Відэа