Штогадовую сустрэчу прадстаўнікоў замежнага дыпламатычнага корпуса – Дзень гандлёвага саветніка – арганізавала Беларуская гандлёва-прамысловая палата. Больш за трыццаць прадстаўнікоў дыпламатычных місій 18 краін, акрэдытаваных у Беларусі, наведалі Віцебскую вобласць.
У беларускай паўночнай сталіцы прадстаўнікоў гандлёва-эканамічных службаў замежных пасольстваў чакала насычаная азнаямленчая праграма з наведваннем прадпрыемства «Вітбудтэхмаш» і Віцебскага мясакамбіната, дзе замежным гасцям была прэзентавана прадукцыя і прадстаўлены экспартныя магчымасці для будучага гандлёвага супрацоўніцтва.
Ужо па традыцыі дыпламаты ўсклалі кветкі воінам вызваліцелям – у Віцебску гэта Мемарыяльны комплекс «Вызваліцелям Віцебска – савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам», размешчаны на самай вялікай плошчы Перамогі ў Беларусі.
Знаёмства з патэнцыялам Віцебшчыны і яе прадпрыемстваў гандлёвыя саветнікі прадоўжылі на сустрэчы ў абласным выканаўчым камітэце, старшыня якога Аляксандр Субоцін прадставіў дыпламатам магчымасці рэгіёну, яго інвестыцыйны і экспартны рэсурс. Пасля чаго супрацоўнікаў гандлёва-эканамічных службаў замежных пасольстваў чакалі B2B-перагаворы з дзелавымі коламі Віцебскай вобласці.
Дзень гандлёвага саветніка Беларуская гандлёва-прамысловая палата праводзіць ужо дзесяты раз. Як адзначыў старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў, па-свойму гэта ўнікальнае мерапрыемства, якое дае магчымасць прадставіць замежным дыпмісіям эканамічны, турыстычны і культурны патэнцыял рэгіёнаў Беларусі. «У гэтым годзе Віцебск сустрэў гасцей цёплым надвор'ем і цёплымі сэрцамі. Прыемна, што нам зноў удалося сабраць такі прадстаўнічы склад дыпламатаў, якія таксама, як і мы, рыхтаваліся і чакалі гэтую сустрэчу. Упэўнены, што яна па-ранейшаму паслужыць пашырэнню партнёрства нашых прадпрыемстваў і папулярызацыі айчыннага экспарту», – сказаў кіраўнік БелГПП.