Беларуская гандлёва-прамысловая палата і Гандлёвая палата Багаты (Рэспубліка Калумбія) актуалізавалі мемарандум аб узаемаразуменні, заключаны паміж бакамі ў 2008 годзе. Дакумент у новай рэдакцыі падпісаны анлайн старшынёй БелГПП Міхаілам Мятлікавым і выканаўчым прэзідэнтам Гандлёвай палаты Багаты Хасэ Авідыа Кларасам Паланкам.
У мэтах пашырэння гандлёва-эканамічных сувязей паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Калумбія бакі маюць намер у рамках кампетэнцыі і ў адпаведнасці з роляй палат у эканамічным жыцці сваіх краін ажыццяўляць дзелавыя адносіны, якія дазваляюць аказваць садзейнічанне беларускім і калумбійскім арганізацыям і прадпрыемствам у стварэнні дзелавых сувязей і пашырэнні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
У прыватнасці, мемарандумам прадугледжана, што БелГПП і Гандлёвая палата Багаты будуць арганізоўваць бізнес-місіі для ўстанаўлення кантактаў прадпрымальнікаў, праводзіць выставачна-кірмашовыя мерапрыемствы, семінары, канферэнцыі для азнаямлення дзелавых колаў з эканомікай і экспартнымі магчымасцямі дзвюх краін, будуць ажыццяўляць абмен камерцыйнымі прапановамі, спісамі патэнцыйных партнёраў, распаўсюджваць інфармацыю аб патэнцыйных партнёрах у дзвюх краінах, аказваць садзейнічанне ў адкрыцці інфармацыйных цэнтраў і іншых структур па дзелавым супрацоўніцтве, развіваць супрацоўніцтва ў галіне міжнароднага арбітражу, прымаць іншыя неабходныя меры для забеспячэння эфектыўнасці і развіцця дзелавых сувязей.